МІХАІ́Л БАРЫ́САВІЧ (1453 або 1457, г. Цвер, Расія — не пазней 1505),
апошні вял. князь Цвярскога княства [1461—85]. Сын вял. кн. Барыса Аляксандравіча. Разам з маскоўскімі войскамі цвярскія палкі М.Б. ўдзельнічалі ў паходах маскоўскага вял. кн. Івана Ш на Ноўгарад (1471 і 1477) і «Стаянні на Угры» супраць хана Вял. Арды Ахмата (1480). У сярэдзіне 1480-х г. М.Б. прызнаў сябе васалам Івана III, але спрабаваў з дапамогай ВКЛ адстаяць фактычную незалежнасць свайго княства. У жн. 1485 Іван III аблажыў сваімі войскамі Цвер, адкуль М.Б. 12 вер. тайна ўцёк у ВКЛ. Цвер была ўзята, і Цвярское княства спыніла самаст. існаванне. У 1486 М.Б. атрымаў ад вял. кн. ВКЛ Казіміра IV невял. дапаможны атрад і беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе Цвер. Апошнія гады правёў у ВКЛ, дзе атрымаў вял. латыфундыю ў Слонімскім пав. і маёнтак Пячыхвосты на Валыні.
т. 10, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)